НЕГЛЕДЗЯЧЫ НА ...

Ён некалі прыйдзе, прызначаны дзень,

                                      што стане падзеяй між іншых падзей –

і ў сэрцы зімою настане вясна…

Дзякую, лёс мой, нягледзячы на…

Што даў наталіцца каханнем і болем,

шукаць і знайсці, і застацца сабою,

што добра вядома сяброўства цана,

дзякуй, мой лёсе, нягледзячы на…

За шчасце і слёзы, за горыч і смех,

за спёку і лівень, за  сонца і снег,

за ўсё, што ўжо выпала зведаць спаўна,

дзякую долі, нягледзячы на…

За тое, што сталі дарослымі дзеці,

за ночы без сну, і за сны на дасвецці,

за стому ў рабоце з відна да цямна

шчыры мой дзякуй, нягледзячы на…

За водар лясны, за шаўкі мурагу,

за тое, што я ўжо змагла і змагу,

што спее на полі маім збажына,

дзякуй вялікі, нягледзячы на…

За ўчора і заўтра, бясконцасць дарог,

за сілу, што даў мне бацькоўскі парог,

хоць вымавіць нехта: - Якога ражна

тут дзякаваць лёсу, нягледзячы на?..

А я запярэчу:  - Удачы не знаць,

як лёсу дазволіць сябе шкадаваць.

У поспеху перадумова адна:

устояць у бойцы з “нягледзячы на …”

Дык дзякуй, жыццё, за тваю паўнату,

за слодыч быцця і за гаркату.

То  вып’ем напоўнены келіх да дна

За ўсё, што завецца “нягледзячы на…”