Лагада Барыс Барысавіч


Нарадзіўся ў 1964 го­дзе ў Вялікай Бераставіцы. Яшчэ ў час вучобы ў мясцовай школе, як успамінаюць яго былыя аднакласніцы Таццяна Дудко, Галіна Піхун і былая настаўніца Ала Генрыхаўна Піхун, у Барыса праяўляліся літаратурныя і акцёрскія здольнасці. Ён актыўна ўдзельнічаў у школьных вечарах і конкурсах, сачыняў песні і выконваў іх сам пад акампанемент гітары. Запомніўся многім конкурс КВЗ паміж “фізікамі і лірыкамі”. І ўжо тады ўсе разумелі, што ў іх аднакласніка сапраўдны артыстычны і літаратурны талент. А яшчэ Барыс быў душой кампаніі – ці то былі суботнікі на палях мясцовага калгаса, ці экскурсіі ў Мінск або Рыгу. Ужо ў адзінаццатым класе Барыс цвёрда вырашыў звязаць сваё жыццё з тэатрам. Першая спроба паступіць у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў) аказалася няўдалай. Але ён не падае духам: жыццярадасны, іранічна-смяшлівы, працуе ў раённым Доме культуры, актыўна ўдзельнічае ў народнай агітбрыгадзе “Сонейка”. Гэтым самабытным калектывам тады кіраваў выпуснік рэжысёрскага факультэта Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута Аляксандр Барысевіч. Як успамінаў Барыс Лагада, выступаючы на літаратурным вечары ў раённай бібліятэцы ў 2004 годзе, Барысевіч аказаў на яго значны ўплыў пры выбары далейшага шляху. А яшчэ – і дапамогу пры падрыхтоўцы да творчых экзаменаў у той жа інстытут (а іх было ажно 3 ды яшчэ 4 экзамены па прадметах).
У тое ж лета перад экзаменамі агітбрыгада па пуцёўцы ЦК УЛКСМ выязджала з канцэртамі да будаўнікоў БАМа. Як успамінае ўдзельніца агітбрыгады Яніна Бухмет (цяпер – работніца цэнтральнай раённай бальніцы), акрамя галоўнай праграмы на канцэртах выступалі з асобнымі нумарамі індывідуальныя выканаўцы. Аўтарскія песні Барыса, а некаторыя былі і на беларускай мове, карысталіся поспехам у “бамаўцаў”. Паездка была цікавай, але нялёгкай. Іншы раз прыходзілася спаць на чыгуначных станцыях на рукзаках, але артысты не журыліся. І ў гэтым дапамагаў вясёлы і жыццярадасны Барыс. У 1984 годзе Барыс стаў студэнтам тэатральна-мастацкага інстытута, а ў 1988 годзе быў залічаны акцёрам у трупу Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. Здымаўся на кінастудыі “Беларусьфільм” у кінастужках “Мяне зваць Арлекіна”, “Пад небам блакітным”, “Маці Урагану” і інш. У 1991 г. ажыццявіў на сцэне Гродзенскага тэатра лялек пастаноўку мюзікла “Трыццаць першы срэбранік” па матывах п’есы В. Дуніна-Марцінкевіча “Залёты”. З 1991 г. выконваў абавязкі галоўнага рэжысёра ў Крыварожскім тэатры драмы і музычнай камедыі, потым працаваў рэжысёрам Новасібірскага тэатра музычнай камедыі, з 1996 г. — галоўны рэжысёр Беларускага тэатра музычнай камедыі. У 1993 г. у часопісе “Маладосць” (№ 3) упершыню друкуе некалькі апавяданняў і па выніках года становіцца лаўрэатам часопіса за лепшую прозу. У 1994 г. у бібліятэчцы часопіса “Маладосць” выходзіць кніга прозы “Сабака без ашыйніка”. Працаваў рэжысёрам ў Крыварожскім і Новасібірскім тэатрах музычнай камедыі, дырэктарам і мастацкім кіраўніком Тэатра аперэты Урала, галоўным рэжысёрам Іванаўскага музычнага тэатра. Рэжысёр Іркуцкага музычнага тэатра ім. Загурскага. За час свайго творчага жыцця Барыс Барысавіч паставіў больш за 110 пастановак опер, аперэт, мюзіклаў, драматычных спектакляў, музычных камедый, музычных казак, тэатралізаваных канцэртаў, у тым ліку некалькі сусветных і ўсерасійскіх прэм'ер. Ставіў у розных тэатрах камічныя оперы «Выдатная Галатэя» ф. Зуппе, «Дахі Парыжа» Ж. Оффенбаха, «Даратэя» Т. Хрэннікава, «Званочак» Г. Даніцэці, оперу К. Малчанава «А зоры тут ціхія ...», «Снягурку» Н. А. Рымскага-Корсакава, « Яўгена Анегіна», «Травіяту»Дж. Вердзі, «Рабаванне апоўначы» М. Самойлава, «Мая жонка - манюка» М. Мэйо, «Севастопальскі вальс» К. Лістова, «Кот у ботах» Е. Шашына, новую версію «чырвонай шапачкі» А. Цярэнцьева і інш. Запрашэнне на кастынг акцёр, а потым ужо і рэжысёр Барыс Лагада атрымліваў ад рэжысёраў дзякуючы не толькі свайму сцэнічнаму таленту, але і фактурнай знешнасці. На здымках ён пазнаёміўся з цэлай плеядай тады толькі пачаткоўцаў, а сёння вядучых артыстаў кіно і тэатра: Марынай Магілёўскай, Алегам Фаміным, Барысам Неўзоравым, Аляксандрам Пясковым. З асаблівай пяшчотай ён успамінае пра Юзаса Будрайціса і Ніне Усатавай («Пад небам блакітным»). У жніўні 2018 года рэжысёр быў узнагароджаны дыпломам лаўрэата Прэміі Ўрада Рэспублікі Комі імя В. Савіна ў вобласці драматургіі і сцэнічнага мастацтва.

Бібліяграфія:

Артыкулы пра Барыса Лагаду

1. Ермолицкая, Т. Борис Лагода: «Сегодняшняя постановка в Северске у меня 121-я по счету…»: [Электронный ресурс] / Татьяна Ермолицкая // Музыкальный журнал. — 2017. — 27 сентября. URL: http://www. themusicalmagazine.ru/
2. Жартун, С. Борис Лагода: «Форму не теряю»: [Электронный ресурс] / Светлана Жартун // Восточно-Сибирская правда. — 2007. — 21 февраля. URL: http://www.vsp.ru/2007/02/21/boris-lagoda-formu-ne-teryayu/
3. Жуманова, Р. Борис Лагода: «Я так и не стал настоящим россиянином»: [Электронный ресурс] / Рена Жуманова // «Степной маяк». — № 50. — 2006. — 30 ноября. URL: https://www.proza.ru
4. Завадская, А. Борис Лагода о театре и зрителях: [Электронный ресурс] / Алена Завадская // «Вечерний Котлас». — 2018. — 23 февраля. URL: http://kotlaslib.aonb.ru/doc/boris-lagoda.pdf
5. Козлова, А. Борис Лагода собирается торопиться медленно: [Электронный ресурс] / Анастасия Козлова. — Рэспубліка. — 21.05.1997. URL:http://musicaltheatre.by/boris-lagoda-sobirayetsya-toropitsya-medlenno1997-g-respublika
6. Пацэнка, М. Рэжысёр, пісьменнік і артыст з Вялікай Бераставіцы Барыс Лагода: [Электронный ресурс] / Мікалай Пацэнка // Бераставіцкая газета. — 2015. — 4 лютага. URL: http://www.beresta.by/?p=27237
7. Поздеева, А. Главным режиссером театра оперы и балета РК станет Борис Лагода: [Электронный ресурс] / Анастасия Пеоздеева // Красное Знамя. — 2011. — 11 октября. URL: https://komikz.ru/news/culture/4597
8. Стахеева, Н. «Борис Лагода: Я там, где во мне есть нужда»: [Электронный ресурс] / Надежда Стахеева // Наша городская газета. — № 43. — 2008. — 22 октября. URL: http://www.culture-ural.ru/operetta_theatre_about-27-1.html
9. Суранов, Б. Борис Лагода увидел “Холопку” в Елене Лагоде: [Электронный ресурс] / Борис Суранов // Зырянская жизнь. — 2005. — 7 марта. URL: http://www.zyryane.info/articles/page-995.html
10. Цветкова, А. Борис Лагода заказал для театра оружие: [Электронный ресурс] / Анна Цветкова // baikal-info.ru — 2007. — 15 февраля. — http://baikal-info.ru/sm/2007/06/011001.html
11. Шучалина, Д. "Культуры много не бывает" — зампред правительства Коми Лариса Максимова: [Электронный ресурс] / Дарья Шучалина // Комиинфформ. — 2018. — 20 августа. URL: https://komiinform.ru/ news/ 168410
12. Щербинина, М. Барис Лагода: "Художник не может быть доволен собой": [Электронный ресурс] / Марина Щербинина // Без формата. — 2014. — 30 октября. URL: http://siktivkar.bezformata.com/listnews/boris-lagoda hudozhnik-ne-mozhet/ 25784441/
13. Яны нарадзіліся на Бераставіччыне // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Бераставіцкага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 1999. — С. 535.
15. https://www.kino-teatr.ru/teatr/acter/sov/262765/bio/