Сядзіба Рудава

Рудава вядома з 16 ст. Спачатку належала Хадкевічам. У 1506 годзе польскі кароль Аляксандр Ягелончык падараваў яе А.Хадкевічу. Хадкевічы валодалі сядзібай два стагоддзі. Потым яе ўладальнікамі стаў Ян Ежы Мнішак. Яго жонка Анна Хадкевіч атрымала Рудаву ў пасаг. Потым іх дачка Юзэфа Мнішак выйшла замуж па расійскага ваяводу Станіслава Патоцкага і Рудава перайшла да Патоцкіх. А ў 1793 годзе дачка Патоцкіх Людвіка выйшла замуж за Юзэфа Касакоўскага і ў маёнтку з’явіўся новы гаспадар. Потым іх дачка Людвіка Касакоўская выходзіць замуж за публіцыста і гісторыка Леана Патоцкага (1799-1864) і Рудава зноў вярнулася да Патоцкіх. 
Сам Леан Патоцкі паходзіць з графскага роду герба “Залатая Пілява”, з’яўляўся вядомым польскім паэтам, гісторыкам і мемуарыстам, актыўным удзельнікам польскага паўстання 1831 года, аўтарам “Очерков общественной жизни Варшавы”, “Мемуаров пана Камертона”, “Успамінаў пра Тышкевічаву Свіслач, Дзярэчын і Ружану” і інш. Леан Патоцкі быў уладальнікам Рудавы з 1820 па 1831 год, калі закладзены каменны палац, парк з садамі і алеямі, вядомых па фотаздымках пачатку ХХ стагоддзя. Палац быў помнікам архітэкіуры класіцызму: цагляны, атынкаваны 2-х павярховы будынак. Цэнтральную яго частку накрываў чатырох, а бакавыя часткі- трохсхільны дах. З цэнтральнага ўваходу быў пабудаваны невялікі порцік з 4-ма калонамі. У сярэдзіне будынка сцены былі багата распісаны. У зале для прыёмаў вісела вялікая бронзавая люстра.  Архітэктура ў сярэдзіне будынка была сціплай, а вось мэбля належала да 18 ст. і ўражвала гасцей сваёй багатай інструкста. Уладальнікі палаца мелі галерэю карцін, бібліятэку, сямейны архіў.  Бібліятэка і сямейны архіў мелі некалькі тысяч каштоўных кніг і арыгінальных дакументаў розных часоў.
Леан Патоцкі і яго зяць барон Брун прымалі ўдзел у паўстанні 1831 года і пасля яго разгрому жылі за мяжой. Дачка Патоцкіх становіцца жонкай барона Бруна і маёнтак становіцца іх уласнасцю. Сын барона Бруна Станіслаў (1859-1941) са сваёй жонкай Янінай (1865-1943) былі апошнімі ўладальнікамі маёнтка да верасня 1939г. Хадкевічы пабудавалі ў 17 стагоддзі драўляны касцёл у гонар Мацеры Божай Рудавай.
У час Першай сусветнай вайны сядзіба згарэла. Частку маёмасці, якую пашанцавала выратаваць, была перавезена ў Варшаву. Ёсць меркаванне, што частку каштоўных твораў мастацтва і мэблі вывезлі ў Расію. І калі яны не прапалі па дарозе пад час грамадзянскай вайны, то, напэўна, знаходзяцца ў расійскіх музеях ці ў іх сховішчах. Пасля вайны сядзіба была адбудавана, але не мела былой прыгажосці. Пры сядзібе знаходзіўся прыгожы парк з відам на раку Свіслач плошчай 8 га, пасаджаны Леанам Патоцкім. У парку раслі 2 ліпы, узрост якіх вызначаўся ў некалькіх стагоддзях. Па мясцовых паданнях, адну з іх пасадзіў вядомы палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай Ян Кароль Хадкевіч.  Да 1939 года Рудава знаходзілася ў складзе Польшчы. Пасля  Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг. жыхары з Рудавы былі выселяны ў сувязі з праходам праз яе дзяржаўнай граніцы БССР ў 1945 г. Цяпер ад сядзібы нічога не засталося. Раней у Рудава размяшчалася пагранічная вайсковая часць. На сучасных картах Беларусі населеннага пункта Рудава не значыцца. Не захаваўся і помнік архітэктуры.

Бібліяграфія:

1. Жвалеўскі, Л. Аб маёнтаках і іх уладальніках / Леанід Жвалеўскі Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Бераставіцкага р-на. — Мн.: Белта, 1999. — С. 560—565
2. Лушчык, С. Ваколіцы Бераставіцы ў даваенны час / Сяргей Лушчык // Бераставіцкая газета. — 26.11.2010. — С. 5.
3. Федорук, А. Т. Старинные усадьбы Гродненщины: Берестовицкий-Ивьевский районы / А.Т. Федорук; научный редактор О.Н. Попко. — Минск: Беларусь, 2014. — 543с.
4.  https://www.radzima.org/ru/object/8464.html