Царква Успення Прасвятой Багародзіцы у вёсцы Гарбачы


Пабудавана ў 1860 годзе.
Знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Пабудавана з цэглы. Адкрыта пасля заняпаду ў 1992 годзе. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Да цэнтральнага кубападобнага аб'ёму па падоўжнай планіровачнай восі далучаны прамавугольная трапезная і паўцыркульная апсіда. У цэнтры і па вуглах пакатага шатровага даху - цыбулепадобныя купалы на барабанах. Галоўны ўваход вылучаны кілепадобным франтонам. У архітэктурным дэкоры фасадаў - лапаткі, какошнікі, цягі, нішы, карнізы.
17 ліпеня 2010 г. вернікі мясцовай і суседніх парафій урачыста адзначылі 150-годдзе царквы. Праасвяшчэнны  Арцемій, Епіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі, адслужыў Боскую літургію ў саслужэнні благачынных Бераставіцкай, Ваўкавыскай і Свіслацкай благачыній і духавенства раёна, а паломнікі прынялі ўдзел у хрэсным ходзе ад храма прападобнай Еўфрасінні Полацкай у п. Пагранічны да царквы ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы ў в. Гарбачы.

Бібліяграфія:

1. Кулагін, А.М. Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін; фатограф А.Л. Дыбоўскі. — Мінск: Бел.Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2008. — 488 с.: іл.
2. Лушчык, А. В. Помнікі гісторыі і культуры Бераставіцкага раёна / Аляксей Лушчык // Памяць: Гіст.- дакум. хроніка Бераставіцкага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 1999. — С. 571.
3. http://orthos.org/eparhiya/blagochiniya-i-hramy/berestovickoe/ gorbachi