Мікалай Жлабовіч – беларускі жывапісец і графік, настаўнік выяўленчага мастацтва, дыпламант рэспубліканскіх і абласных выстаў. Нарадзіўся 13 жніўня 1948 г. у в. Эймінаўцы Бераставіцкага раёна. У 1966 годзе скончыў Вялікабераставіцкую сярэднюю школу. Вышэйшую адукацыю атрымаў на мастацка-графічны факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута імя Кірава, які скончыў ў 1980 г. (З 1995 года - Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэта імя П. М. Машэрава). Пасля заканчэння інстытута працаваў настаўнікам малявання і чарчэння ў Малабераставіцкай сярэдняй школе, з 1992 г. - мастак-афарміцель Бераставіцкага прафесійна-тэхнічнага вучылішча. З 1998 па 2012 год працаваў мастаком-афарміцелем у Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага.
Працуе ў асноўных жанрах выяўленчага мастацтва: пейзажа, партрэта, нацюрморта і станкавай кампазіцыі. На яго палотнах знайшлі ўвасабленне краявіды роднага краю, архітэктурныя помнікі Бераставіччыны, партрэты знамітых людзей Беларусі. Творчасці мастака ўласцівы філасофскі роздум аб сэнсе чалавечага быцця і людской прыгажосці. Яго работы ўпрыгожваюць інтэр’еры культурных устаноў і арганізацый Бераставіцкага раёна: райвыканкам, музей Вавёркі, Бераставіцкі каледж, Цэнтр культуры і народнай творчасці. А працы мастака ў раённай бібліятэцы з’яўляюцца яе візітнай карткай. Гэта “Партрэт Восіпа Міхайлавіча Кавалеўскага” (алей, 2000), сусветна вядомага ўсходазнаўцы, які нарадзіўся на Бераставіччыне і імя якога носіць раённая бібліятэка. У 1999 – 2000 гг. мастак напісаў серыю партрэтаў “Знакамітыя людзі Бераставіччыны” дя пастаяннай галерэі раённай бібліятэкі і экспазіцыю “Страчная і захаваная спадчына Бераставіцкага краю” (архітэктурныя помнікі: цэрквы, касцёлы, сядзібы і палацы). Карыстаючыся гэтымі экспазіцыямі, бібліятэкары праводзяць шматлікія краязнаўчыя экскурсіі для гасцей гарадскога пасёлка, працоўных калектываў і падрастаючага пакалення раёна.
Мікалай Жлабовіч – майстар графікі, які стварае тонка выкананыя ілюстрацыі і кампазіцыі алоўкам, пяром , тушшу, пастэллю. Сярод графічных работ мастака выдзяляецца серыя з 10 партрэтаў “Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны з Бераставіччыны”(аловак, 2010 г. Музей Вавёркі), серыя “Медыкам Бераставіцы прысвячаецца”(аловак, 2020 г.), лірычныя пейзажы і нацюрморты з сельскіх прыладаў:”З мінулага”(2012 г.,пастэль),”Кветкі ў збане”(2010г., пастэль), ”Рабіна”(2011) і інш. Выдзяляюцца таксама аўтапартрэты мастака:”Пад знакам ільва” (2020 г.,аловак),“Аўтапартрэт“ (2018), партрэты сучаснікаў.
М.У.Жлабовіч займаецца таксама скульптурай. Творчыя работы мастака з дрэва можна сустрэць на вуліцах Вялікай Бераставіцы. Напрыклад, скульптуру «Гусляр» (дрэва, 2013) каля раённай бібліятэкі, драўляныя скульптуры каля дома мастака: Святы Мікалай (2015), Сямейства савы (2016), Вавёрка (2019). З бронзы выкананы авальны медальён “Партрэт Ліліі, жонкі мастака” (1980).
Мікалай Жлабовіч шмат разоў ладзіў персанальныя выставы жывапісу і графікі як у Вялікай Бераставіцы і яе раёне, так і сумесныя з іншымі мастакамі на Гродзеншчыне. Гэта вялікая выстава жывапісу і графікі (70 работ) у Бераставіцкай ДШМ (25.11.2011 г.); выстава “Фарбамі жыцця” на фестывалі польскай культуры і побыту “Эйсмантаўскі фэст-2012” (17.06.2012 г., Вялікія Эйсманты); выстава “Партрэты землякоў” (6.11.2015 г., Вялікая Бераставіца); выстава жывапісу “Мілая сэрцу малая радзіма”(15.04.2019 г., Бераставіцкая ДШМ); выстава графікі на Дзень беларускага пісьменства ў Слоніме (1.09.2019 г.); юбілейная выстава “Колер спадчыны маёй” да 75-годдзя з дня нараджэння (28.11.2023 г. Бераставіцкая раённая бібліятэка). Мастак знаходзіцца ў пастаянным творчым пошуку, спрабуе стварыць штосьці новае і цікавае ў іншых жанрах і стылях. Мае сям’ю і дзяцей.
Бібліяграфія:
Вялікая Бераставіца і ваколіцы. Фотаальбом /Галоўны рэд. Уладзімір Шпарло – Брэст. ТАА ”РІА Вячэрні Брэст”. 2011. – 96 с.:іл
Ганчарова С. Назаўсёды засталіся маладымі. (Партрэты ветэранаў Бераставіччыны) / Святлана Ганчарова// Бераставіцкая газета. – 2010. – 26 кастрычніка (№84). – С.2
Ганчарова С. Адкрылася выстава жывапісу і графікі Мікалая Жлабовіча / Святлана Ганчарова // Бераставіцкая газета. – 2011. - 29 лістапада (№94)
Ганчарова С., Хілюта С. Дзень Незалежнасці ў Вялікай Бераставіцы. Палітра роднага краю / Святлана Ганчарова, Сяргей Хілюта // Бераставіцкая газета. – 2017. - 5 ліпеня (№52). – С.4
Ганчарова С. Выстава мастака Мікалая Жлабовіча / Святлана Ганчарова; фота // Бераставіцкая газета. - 2019. — 20 красавіка (№ 31). — С. 4. ББК 74
Ганчарова С. Бераставіччына адзначыла 75-гадовы юбілей.” 75 год – 75 шэдэўраў” / Святлана Ганчарова // Бераставіцкая газета. – 2019. – 24 верасня (№75). – С.4
Ганчарова С. "Мой родны кут, дарыў ты мне натхненне" / Святлана Ганчарова; фота // Бераставіцкая газета. - 2021. — 13 сакавіка (№ 19). — С. 4. ББК 73
Ганчарова С. Партрэт землякоў, маляўнічыя краявіды і нетолькі //Бераставіцкая газета. - 2015. - 17 лістапада (№ 91). - C. 4ББК Б73
Гончарова С. Благодарность, выраженная в рисунках / Светлана Гончарова; фото // Бераставіцкая газета. - 2021. — 19 студзеня (№ 4). — С. 3. ББК 73
Губаревич И. Послевкусие: выставка прошла, но о ней говорят / Ирина Губаревич // Бераставіцкая газета. - 2019. — 11 мая (№ 36). — С. 3. ББК 7
Дудко А. На бібліятэчным падворку. (Бераставічане на Дне беларускага пісьменства ў Слоніме) / Анжаліка Дудко // Бераставіцкая газета. – 2019. – 7 верасня (№70). – С.3
Карпук Е. Встреча с живописью / Елена Карпук // Бераставіцкая газета. – 2015. – 24 лістапада (№93). – С.4
Мартус Л. Соломенное чудо и пейзажи родного края / Людмила Мартус // Бераставіцкая газета. – 2023. – 6 снежня (№ 64). – С.5
Раманчук Г. Эйсмантаўскі фэст/ Галіна Раманчук // Гродзенская праўда. – 2012. – 23 чэрвеня. С.4
Яны нарадзіліся на Бераставіччыне: Жлабовіч Мікалай Уладзіміравіч // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Бераставіцкага раёна. - Мн.,1999. - С.532-533 ББК Б73