ДОБРЫ ДЗЕНЬ, МАСАЛЯНЫ

 Добры дзень, Масаляны!

Я вярнуўся здалёк.

Па-над хатай цаглянай

ядлаўцовы дымок.

І здаецца,

не ездзіў

я за горы, лясы,

а на выгане недзе

толькі выйшаў з расы.

І знаёмыя людзі,

і вярбы карані

прастрамілі мне грудзі

на рэнтген дабрыні.

Каб ніякае плямкі,

каб ніякіх рубцоў!

Зноў дзяцінства з буслянкай

паганяю дубцом.

І слязу абціраю.

Сёння ля чварака

Гузючыха старая

не налье малака.

Пра жыццё не спытае

маладая вярба.

Вецярком павітае залатая журба.

Добры дзень, Масаляны!

Я вярнуўся дамоў.

Бачу хаты цаглянай ядлаўцовы дымок.