ЭКСТРАСЕНС

     Алёна прыехала ў вёску па размеркаванні. Пасля заканчэння тэхнікума яе накіравалі бібліятэкарам у Пялушкі. Пасада  абавязала Алёну ведаць усё насельніцтва абслугоўваемых трох вёсак. Пагэтаму, пасля вувучэння бібліятэчнага фонду, дзяўчына вырашыла абыйсці  усе дамы трох вёсак і затрачвала на гэта па тры-чатыры гадзіны штодня. Распытвала, якая літаратура цікавіць жыхароў, прыносіла ім кнігі для чытання. Такім чынам, ужо праз тры месяцы ўсе ведалі Алёну – бібліятэкарку. Шумна стала і ў бібліятэцы. Увесь час цяпер тут таўкліся дзеці, па вечарах было паўнютка моладзі, асабліва хлопцаў. Нават тыя, хто амаль ніколі не адкрывалі кнігу, сталі заядлымі кнігаманамі. Але асабліва выдзяляўся сярод кавалераў Толік Кавун. Не прайшло і паўгода, як згулялі вяселле. Анатоль, ходзячы на працу да жонкі, стаў прызвычайвацца да кніг, паступіў завочна ў тэхнікум механіка. Спачатку яму дапамагала Алена, а потым, дзякуючы сваёй прыроднай адаронасці, хлопец вучыўся сам і закончыў тэхнікум на выдатна. Калгас выдзеліў маладым двухпакаёвую кватэру з ўсімі зручнасцямі. Толіка паставілі механікам у гаражы. А механік ён быў сапраўды адмысловы. З дзяцінства хлопец любіў розныя жалязякі. Спачатку ў дрывотніку, а потым у гаражы было месца дзе Анатоль вечна нешта кляпаў , выточваў, падганяў розныя дэталі. Аднавяскоўцы ведалі аб гэтым захапленні і ў Кавуна заўжды былі заказы на розную бытавую тэхніку, дзеці звярталіся да яго са зломанымі цацкамі, веласіпедамі, самакатамі; мужчыны звярталіся за дапамогай па рамонце больш складанай тэхнікі – матацыклаў і аўтамабіляў. І ўсё нічога, але вось толькі адна закавыка была ў паводзінах механіка, ён не браў платы за выкананую работу. Вось гэта і прывяло да непрадбачных выпрабаванняў.

         У гаражы, дзе была майстэрня Толіка, пастаянна круціліся памагатыя, з ліку вясковых выпівох. Тут заўсёды можна было выпіць на “халяву”. За работу з майстрам, у асноўным , разлічваліся спіртным, а сам ён гарэлкі не браў у рот. На рабоце ў калгасе Толіка адзначалі, як добрага арганізатара вытворчасці, а як пра спецыяліста – дык няма чаго і гаварыць.

         Як кіраўніка, выдатнага спецыяліста, яго пастаянна сталі запрашаць на розныя мерапрыемствы. Ні адно вяселле, хрэсьбіны, провады ў войска, ні адзін юбілей не абходзіўся без прысутнасці механіка. І ўжо ён навучыўся гаварыць тасты, а раз паднімаў чарку, то стаў і патроху выпіваць. Далей – болей. Пачаў патроху “прыкладвацца” у сваім гаражы, потым на рабоце і ў выніку, за п’янку  пайшоў на “павышэнне”. Было ў яго падпарадкаванні пятнаццаць чалавек, а стала шэсцьдзесят ... галоў. Адправілі Кавуна пасвіць калгасны статак. Але гарэлку піць ён не перастаў. Алёна не ведала што рабіць. Адно толькі суцяшала яе, што не завялі дзяцей, бо ўжо намервалася разводзіцца.

         Але, як кажуць, не было шчасця – няшчасце памагло. Было ў паводзінах Толіка яшчэ адна закавыка. У якім выглядзе не прыходзіў да дому, павінен быў залезці ў ванну. Спачатку нічога, а з цягам часу стаў там і засыпаць. Для Алёны гэта было яшчэ адной бядой. Не дай Бог захлябнецца ў вадзе. Пастаянна старалася будзіць мужа, каб ішоў на ложак, а калі не атрымоўвалася, наглядала пакуль спаў, хаця сама і не высыпалася.

         І вось аднойчы, у чарговы раз, Толік з’явіўся дамоў амаль “ніякі”.  Сёння, як зразумела з яго “тулмачэнняў” жонка, ён напіўся на хаўтурах; дапамагаў аднавяскоўцу забраць памерлую бабулю з моргу, а потым на пахаванні. І, як заўсёды, палез у ванну.  Праз некалькі хвілін адтуль ужо даносіўся храп.

“Заўтра ў райцэнтры семінар, я зноўку не

высплюся і буду выглядзець, як аблезлая курыца,” - гаротна думала жанчына, седзячы на кухні. Потым зайшла ў ванну, патрэсла мужа за плечы, але гэта нічога не дало. Раптам яна падумала! Адкрыла зліўную адтуліну ў ванне і вада пачала выцякаць, потым выключыла святло і пайшла спаць.“Цяпер не ўтопіцца,” - заспакоена падумала жанчына.  Прачнуўся Кавун пад ранак.

-  Дзе гэта я? – падумаў ён памацаўшы вакол сябе. – Няўжо зноў “галюнікі”? Сцены побач гладкія і халодныя, сам голы, як бізун, - замітусіліся думкі ў галаве. І тут ён успомніў, як дапамагаў забіраць бабулю з бальніцы. “Няўжо морг!” – пахаладзеў Толік і заенчыў.

         Алёна прачнулася ад нечалавечага крыку. Кінулася да ваннай, уключыла святло і ледзь не рассмяялася. Муж, са збялелым тварам, з шырока раскрытымі,як блюдцы, вачыма стаяў на каленях у ванне і ціха скуголіў: “Не буду, больш ні грама не буду”.

         Цяпер у сям’і Кавуноў  лад і спакой. Падрастае двое дзетак. Анатоль  - механік, паважаны чалавек. А пра тыя некалькі гадоў успамінае з неахвотай. Жонку называе з любоўю не іначай, як “мой каханы экстрасэнс”.

Сакавік   2007 год