Сторажава Надзежда Аляксееўна

Нарадзілася Надзежда Аляксееўна ў 1942 годзе ў вёсцы Канюхі, закончыла 7 класаў Казлоўскай школы ў 1957 годзе. Калі Надзейка хадзіла ў пачатковыя класы, яна любіла гуляць у школу. Збіралася ў іх хаце, а летам — у двары купка дзяцей, а настаўніцай, канечне, была яна. Муштравала сваіх “падапечных” за нявывучаныя ўрокі, вучыла чытаць па “Буквару”.
Пасля заканчэння Гродзенскага педагагічнага інстытута Надзежда Шыпіца працавала ў Рагачоўскай сямігадовай школе ў Гродзенскім раёне, а пасля выйшла замуж і пераехала ў Мінск. Працавала настаўніцай пачатковых класаў у розных школах Мінска. Старалася прымяняць на ўроках новыя прыёмы ў працэсе навучання чытанню і пісьму, а таксама ў комплекснай выхаваўчай рабоце. У 1970-ыя гады, як і многія савецкія настаўнікі, абапіралася на вопыт вядомага педагога В. Сухамлінскага.
А ў 1984 годзе Міністэрства асветы БССР аб’явіла конкурс на “Буквар” для рускіх школ рэспублікі. Працаваць прыйшлося некалькі гадоў. За мастацкае афармленне буквара, пасля доўгіх перамоў, узяліся вядомыя мастакі В.В. Дударэнка, Э.Э. Жакевіч, В.А. Макаранка і іншыя — усяго ў ілюстрацыі кнігі ўдзельнічала 9 чалавек.
У конкурсе на лепшы “Буквар” прымала ўдзел некалькі аўтараў. Але лепшай была прызнана кніга Н. Сторажавай. Яе першае выданне выйшла тыражом 100 тысяч экзэмпляраў. Ні адна кніга ў Беларусі — ні паэта, ні празаіка, ні гісторыка — не выходзіла такім вялікім тыражом.
Аўтар “Буквара” Сторажава, у адрозненне ад іншых аўтараў, ужо ў 1-ым класе знаёміць вучняў з творамі вядомых рускіх і беларускіх класікаў: Пушкіна, Талстога, Чукоўскага, Караткевіча, Вярбы, Танка і іншых, умела робіць іх інтэрпрэтацыю зразумелай для дзяцей. У кнізе многа цікавых скарагаворак, прымавак і загадак. Буквар багата ілюстраваны, багаццем малюнкаў захапляе і школьнікаў і дарослых.
“Буквар” нашай зямлячкі выдаваўся многа разоў, агульны яго тыраж больш за 500 тысяч экзэмпляраў. Па ім вучыліся і вучацца ў школах Расіі, Чэхіі, Славакіі і нават далёкай Чарнагорыі.
Надзежда Аляксееўна на гэтым не супакоілася. Яна падрыхтавала ў дапамогу настаўнікам, дзецям і бацькам розныя навучальныя дапаможнікі.
Штодня тысячы вучняў і настаўнікаў адкрываюць кнігі аўтара Сторажавай, каб навучыцца граматна і прыгожа пісаць. “Буквар”, “Пропісы”, “Складовыя табліцы”, – гэтыя і іншыя падручнікі і навучальныя дапаможнікі знаёмыя многім. На базе свайго багатага педагагічнага вопыту, ужываючы лепшыя навуковыя методыкі і канцэпцыі, яна стварае работы, якія дапамагаюць настаўніку зрабіць кожны ўрок максімальна эфектыўным. Н. Сторажава – сапраўдны падзвіжнік асветы. Яна аб’ездзіла ўсю краіну з мэтай дапамагчы настаўнікам пачатковай школы навучыцца працаваць па яе методыцы цікава і эфектыўна. “Дзеці могуць і павінны пісаць граматна. Напісанае застаецца”, – сцвярджае Надзея Аляксееўна.
У навучальным дапаможніку “Страна Буквария” аўтар прапануе прынцыпова новыя гульнявыя прыёмы ў навучанні дзяцей грамаце. Багата ілюстраванае, цікавае выданне можа быць выкарыстана для працы ў дзіцячым садку і ў школе. Прадстаўленыя ў кнізе гульні, галаваломкі, лагічныя задачы замацоўваюць правільнае напісанне парных зычных, закладваюць асновы пісьменнасці, развіваюць пачуццё мовы. Настаўнікам кніга карысна для тлумачэння і замацавання матэрыялу, правядзення віктарын і алімпіяд. Бацькі знойдуць у ёй заданні для эфектыўных дадатковых заняткаў з дзяцьмі.
Надзежда Сторажава — не толькі добры педагог і метадыст, але і пісьменнік. Яна піша вершы, апавяданні і казкі для дзяцей на рускай і беларускай мовах. У кніжцы “Першае падарожжа” размешчаны вершы, лічылкі і скорагаворкі на беларускай мове. У кніжцы “Сіні матылёк” змешчаны загадкі для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Тут і дзеці, і іх бацькі знойдуць цікавыя загадкі пра звяроў, птушак і дамашніх жывёл, пра кветкі, хатнія рэчы і з’явы прыроды.
Вялікую дапамогу аказвае настаўнікам пачатковых класаў кніжка Н. Сторажавай “Мова мая і твая”. Аўтар знаёміць са сваёй сістэмай работы па навучанню шасці- і сямігадовых дзяцей роднай мове. Створаная ёю “Займальная граматыка”, разнастайныя гульні і моўныя задачы дапамагаюць бацькам, настаўнікам і выхавацелям дзіцячых садкоў далучыць сваіх маленькіх выхаванцаў да таямніц і скарбаў роднай мовы.
Надзежда Аляксееўна Сторажава – заслужаны работнік адукацыі Беларусі, лаурэат многіх літаратурных і педагагічных прэмій, аўтар вучэбна-метадычнага комплексу па навучанні грамаце, выдатны педагог-практык. Сістэма дыдактычных гульняў і практыкаванняў Сторажавай, выкладзеная ў яе кнігах, дазваляе ператварыць любы ўрок у займальнае даследаванне, спаборніцтва або цікавую гульню.
Надзежда Аляксееўна любіць сваю малую радзіму — Бераставіччыну, ганарыцца яе людзьмі і іх справамі. А мы, яе землякі, ганарымся, што “Буквар” нашай зямлячкі і сёння з’яўляецца запатрабаваным у многіх школах розных краін свету і жадаем ёй новых поспехаў і творчых знаходак.

Бібліяграфія:
1. Пацэнка, М. Аўтар “Буквара” Надзежда Сторажава – наша зямлячка з вёскі Канюхі / Мікалай Пацэнка // Бераставіцкая газета. — 2018. — 18 августа. — С. 8.