Алекшыцкая царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы

Пабудавана царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Гісторыя будаўніцтва царквы пачалася вясной 1864 года. 22 мая ў будынку Губернскага Праўлення адбылося першае пасяджэнне Часовага Губернскага Камітэта па будаўніцтве праваслаўных цэркваў у Гродзенскай губерні. Было вырашана стварыць у кожным павеце павятовыя Камітэты па будаўніцтве праваслаўных цэркваў і абавязаць іх на працягу 1864 года правесці абследаванне ўсіх праваслаўных храмаў і распрацаваць праекты на іх рамонт ці на пабудову новых храмаў, калі існуючыя знаходзяцца ў непрыгодным стане.
 28 верасня губернская камісія ў складзе Старшыні павятовага Камітэта па будаўніцтве праваслаўных храмаў генерал-маёра Прасолава, Пратаірэя Гродзенскага сабора Антонія Шамеціла, губернскага архітэктара І.Міхаэліса, павятовага спраўніка і ўчастковага чыноўніка наведалі Алекшыцы і абследавалі мясцовую царкву і парафіяльныя будынкі, якія адносяцца да яе. Камісія ўстанавіла (на мове дакумента):
 “…Деревянная церковь совершенно ветхая, находится в поле в 1 1/2 верстах за селением и в 2-ух верстах от почтового тракта…
 …Иконостас оказался ветхий, простой работы, … старинной формы, почему и следует сделать новый…
 …Прихожан считается мужского пола 555 и женского 578, а всего 1133 душ…
 Павятовы Камітэт па будаўніцтве цэркваў прыняў рэкамендацыю будаваць “новый храм при самом почтовом тракте на виду проезжающих близ почтовой станции”. Камітэт даручыў архітэктару І.Міхаэлісу распрацаваць праект і скласці каштарыс выдаткаў на будаўніцтва каменнай царквы і асобна – на рамонт дома для свяшчэнніка, рамонт і будаўніцтва жылых і гаспадарчых пабудоў для іншых служыцеляў царквы.
 На будаўніцтва храма было прадугледжана выкарыстаць 17 519 штук цэглы, 143 квадратных сажні “листового железа на покрытие шпиля, главы и 4 крестов” і гэтак далей.
 Зазначым яшчэ раз, што ў Алекшыцах быў храм, пабудаваны з дрэва, які знаходзіўся, па некаторых звестках, за в. Жукевічы, па іншых – недалёка ад панскага маёнтка. Гісторыя папярэдняга Алекшыцкага храма звязана з імем Ганны Міхайлаўны Масальскай, якая ў 1620 годзе завяшчала яму “сумы пенезен на церковь заложения Илии Пророка в ымении Олексичах у повете Городенском лежачее, где их милость панове родичи мои в церкови лежат”.
 27 студзеня на імя Гродзенскага Губернатара паступіла прашэнне ад членаў царкоўнага Камітэта Алекшыцкай царквы Якава Кажухоўскага, Івана Радзевіча і Мікалая Бароўскага, якія, па даручэнні парафіян, хадайнічалі аб іншым месцы для пабудовы царквы: “… там, где лет восемьдесят, а может и больше тому существовала древняя православная церковь. Но время стёрло на земле её след … , а только предание ещё живёт в народе … Местность, которую указывают люди, самая великолепная … Это для наших прихожан будет бесценная память и утешение, что столько лет почти забытая старина …, как бы в награду достанется им, которую они и их дети сумеют оценить …”
 Месца, аб якім ідзе гаворка ў дакуменце, нам не ўдалося ўстанавіць. Але само прашэнне ў тым, цяпер далёкім 1865 годзе, не было пакінута без увагі.
 Тэрмінова збіраецца Гродзенскі павятовы Камітэт, каб разгледзець абгрунтаванне алекшыцкіх парафіян. Тлумачэнні даваў Стацкі Саветнік, Губернскі архітэктар І.Міхаэліс. Архітэктар у сваім выступленні адзначыў, што на ўчастку, які прапануюць пад храм члены царкоўнага Савета, балоцісты грунт, а, значыцца, пад фундамент каменнага будынка царквы прыйдзецца забіваць слупы, а гэта абыдзецца больш за тысячу рублёў.
 Па-другое, будынак царквы будзе засланяцца будынкам паме-шчыцкага маёнтка і дрэвамі, якія растуць навокал яго. А пры пабудове цэркваў, асабліва за казённы кошт, рэкамендавана іх будаваць на відным месцы, ды і самі прыхаджане падчас паездкі камісіі 20 студзеня ў Алекшыцы адобрылі месца, абранае пад царкву.
 Па-трэцяе, паколькі той участак балоцісты, таму ўвосень і вясной, а таксама і летам пасля дажджу дабрацца парафіянам да царквы будзе складана, асабліва ў сялянскім абутку…
 Камітэт прыняў рашэнне: першапачатковае месца выбрана камісіяй правільна, з улікам асаблівасцей грунту, кліматычных умоў і навакольнага асяроддзя.
          Значная падзея адбылася ў Алекшыцах 2-га сакавіка. Ва ўрачыстых абставінах у будынку старога храма члены царкоўнага Савета Алекшыцкай царквы над Святым Евангеллем пакляліся, што падчас будаўніцтва храма яны будуць аберагаць казённыя і грамадскія грошы, выкарыстоўваць іх толькі на патрэбы царквы. У падпісанай імі “Присяге (клятвенном обещании)” пазначаецца: “Я, нижеподписанный, обещаю и клянусь Всемогущим Богом, пред Святым Его Евангелием в том, что я … по чистой моей совести и чести, без пристрастия и собственной корысти тщательно буду стараться и усердствовать ко благу церкви… Если я иначе поступлю, как нерадеющий о благе Церкви и общественности, в коем моё собственное заключается, пусть подвергнут меня нареканию собратия мои, и в будущем отвечу пред Богом и Страшным Судом Его…”
 Присягу выполнили: Иван Фёдоров Улейчик, Николай Базылёв Боровский, Семён Адамов Микитин, Адам Яковлев Левончук, Григорий Астапов Масловский, Иван Михайлов Довгель, Иван Семёнов Радзевич, Яков Иванов Кожуховский.
 18 красавіка ў старой Алекшыцкай царкве народу было многа. Пасля заканчэння службы свяшчэннік Антоній Кавалеўскі аб’явіў, што 23 красавіка будзе ўрачыстае набажэнства, прысвечанае асвячэнню першага каменя ў фундаменце новай царквы.
 23 красавіка ў Алекшыцах пры вялікай колькасці прыхаджан прайшло ўрачыстае набажэнства, прысвечанае закладцы фундамента новай царквы. У набажэнстве прымалі ўдзел свяшчэннікі суседніх прыходаў і Благачынны Лашанскай акругі.
         Як ужо адзначалася, будавацца ва ўсе часы было няпроста, тым больш у той далёкі час. І не дзіўна, што 10 чэрвеня свяшчэннік Алекшыцкай царквы Антоній Кавалеўскі звярнуўся з пісьмом-скаргай у павятовы Камітэт па будаўніцтву цэркваў. У ёй гаварылася, што ўладальнік маёнтка Алекшыцы памешчык Ігнацій Завістоўскі абяцаў адпусціць на будаўніцтва царквы 100 штук сосен, а адпусціў толькі 97, хаця грошы спагнаў за ўсе 100 штук. Дроў на абпальванне вапны няма. З дзяржаўнага лесу на будаўніцтва царквы казна нічога не выдзеліла, а памешчыкі прадаваць драўніну не хочуць. Прыха-джанне сабралі 150 рублёў і купілі 50 бочак гатовай вапны ў Крынках, бо меркавалася, што фундамент удасца зрабіць да канца, а тут мясцовыя ўлады сталі забіраць мужыкоў з коньмі і валамі на іншыя работы: вазіць лес на будаўніцтва канцылярыі ў Масалянах і школы ў Лашы. А тут яшчэ падатак за зямлю з прыхода сталі патрабаваць. Словам, праблемы, праблемы…
         30 чэрвеня І.Міхаэліс з Лашанскім Благачынным Ануфрыем Шамеціла пабывалі ў Алекшыцах і адзначылі, што “…фундамент под всю церковь и её цоколь окончены, имеется заготовленного материала: кирпича 20000, извести четыре кубических саженей и лесного материала в третьей части противу сметного исчисления и всего произведено и заготовлено на тысячу пятьсот рублей… ”.
 Атрымаўшы высокую ацэнку сваёй дзейнасці ад прадстаўнікоў павятовага Камітэта, царкоўны Савет праз дзень ужо адправіў сваіх прадстаўнікоў у Гродна за чарговай фінансавай падтрымкай. Пакуль яшчэ было гарачае лета, можна было пачынаць работы па ўзвя-дзенню сцен. А яны былі дарагімі. І гэта добра разумеў царкоўны актыў, таму спяшаўся заручыцца фінансавай падтрымкай.
 І ўсё тыя ж праблемы з лесаматэрыяламі… І зноў просьбы ў павятовы Камітэт… Што і казаць, настойлівасці членаў царкоўнага Савета і свяшчэнніка Антонія Кавалеўскага можна па-добраму пазайздросціць: яна дае вынікі. Губернскі Камітэт па ўзвядзенні цэркваў вы-дзеліў лес на дровы для абпальвання вапны ў Клышаўскім казённым участку Саколкаўскага павета. А вось “строевого леса” на будаўніцтва Алекшыцкай царквы з гэтага казённага ўчастка адпусціць немагчыма… Таму што значная колькасць лесу запланавана на будаўніцтва Галынкаўскага, Малабераставіцкага, Алекшыцкага і Крынкаўскага народных вучылішч, а таксама будаўніцтва жылых і гаспадарчых пабудоў для трох парафій. Алекшыцкая парафія чамусьці не ўвайшла ў іх лік.
 Але, як кажуць у народзе, свет не без добрых людзей. З Гродна паведамілі: памешчык Эйсмант ахвяраваў бескарысна на будаўніцтва царквы 200 штук будаўнічага лесу. (Прадбачу кпіны з боку некаторых лю-дзей: падумаеш, ахвяраваў 200 штук… Напэўна, меў многія гектары лесу… Колькі было гэтага лесу ў Эйсманта, сёння ніхто не ведае… Але ж памешчык І. Завістоўскі не ахвяраваў лес, а прадаў яго. Мелі лес графы Біспінг (Масаляны) і Ельскі (Гольні), памешчык Дзяконскі (Краснікі) і іншыя.
 1866 год
 25 красавіка на будаўніцтве храма зноў закіпела работа. 8 каменшчыкаў і 12 чорнарабочых прыступілі да ўзвядзення сцен царквы. Бацюшка клапоціцца, каб набыць ліставое жалеза (прасцей кажучы – бляху для даха), кованыя жалезныя дэталі, якія будуць выкарыстаны для звязкі пры ўстаноўцы крокваў і гэтак далей.
  …Грошай на будаўніцтва царквы не хапала… І тут старажылы ўспомнілі, што гадоў 45 назад, калі ўладальніцай Алекшыцкага маёнтка была графіня Вікторыя Юндзіл, яны звозілі з навакольных зямель каменне для пабудовы новай царквы. Але потым планы памяняліся, была адрамантавана драўляная царква, а каменне так і засталося ляжаць нявыкарыстаным. А неўзабаве памяняліся ўладальнікі маёнтка Алекшыцы: яго купіў у Вікторыі Юндзіл Ігнацій Завістоўскі. Новы гаспадар хутка знайшоў прымяненне добраму будаўнічаму матэрыялу і выкарыстаў яго па свайму разуменню на свае патрэбы. Па даручэнні царкоўнага Савета і парафіян з просьбай да Гродзенскага Губернатара “…дапамагчы спагнаць з памешчыка І.Завістоўскага кошт выкарыстаных для сваіх мэтаў камянёў” звярнуўся член царкоўнага Савета (і, напэўна, найбольш мужны чалавек, які не баяўся панскай помсты) Іван Радзевіч. У прашэнні адзначалася, што 45 гадоў назад і пазней, калі выкарыстоўваліся тыя камяні, якія былі звезены сялянамі, “в тогдашнее время никто из живущих не осмелился сказать слова против помещика, потому что были его крепостными… Теперь же крестьяне деревень Алексич и Жукевич совместно с церковным Советом возложили на меня обязанность просить Ваше Высокопревосходительство дабы благоволено было взыскать с помещика Игнатия Завистовского законную сумму за сто кубов камня в пользу Новостроящейся в Алексичском приходе церкви…”
         Губернатор даручыў губернскаму Камітэту па будаўніцтву цэркваў сумесна з павятовым Камітэтам разабрацца з атрыманай скаргай. Праз некаторы час створаная камісія інфармавала Губернатара, што “…через опрос крестьян и сторожилов выяснено, сколько свезено камня, крестьяне положительно не знают, а полагают, что около ста сажней. Священник Олекшицкой церкви А. Ковалевский, состоящий при оной с 1824 года … поясняет, что камня заготовлено было сто сажень… в настоящее же время кубический сажень камня с подвозкой стоит 10 рублей…”
 У лістападзе 1871 года будаўніцтва Алекшыцкага праваслаўнага храма было завершана. Ён быў асвечаны ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы. З тых часоў верна служыць гэтая духоўная абіцель маральнаму выхаванню паствы, радуецца з’яўленню на свет немаўлят, праводзіць на вечны спакой памёршых: і тых, хто знаходзіў успакаенне душы пад яе купалам, і тых, хто ў сваім жыцці абмінаў яе. Царква дзейнічае.

Бібліяграфія:

1. Вялікая Бераставіца і ваколіцы / галоўны рэдактар Уладзімір Шпарло — Брэст: ТАА “Рэкламна-інфармацыйнае агенцтва “Вечерний Брест», 2011. — 96 стар.: ил.
2. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Гродзенская вобласць / АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. Кал.: С.В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 371 с.: іл.
4. Кулагін, А.М. Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін; фатограф А.Л. Дыбоўскі. — Мінск: Бел.Энцыклапедыя імя П.Броўкі, 2008. — 488 с.: іл.
6. Пацэнка, М. Алекшыцкая царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы / Мікалай Пацэнка // Серыя: помнікі гісторыі і культуры Бераставіччыны. — г.п. Вялікая Бераставіца., 2009. — 16 с.
7. Пацэнка, М. 150 гадоў таму: царкоўныя перамены / Мікалай Пацэнка // Бераставіцкая газета. — 2017. — 1 ліпеня (№ 51). — С. 11.