КАПЛІЦА НА КАТАЛІЦКІХ МОГІЛКАХ ВЯЛІКАЙ БЕРАСТАВІЦЫ

 Першая драўляная капліца на каталіцкіх могілках у Вялікай Бераставіцы паходзіць з ХVІІІ ст. Пасля знішчэння драўлянага касцёла Хадкевічаў у выніку пажара 1741 г. католікі Бераставіцы засталіся без сваёй святыні. Часова на каталіцкіх могілках была ўзведзена капліца, дзе праводзіліся службы. Амаль два стагоддзя гэта капліца ў гонар Божай Маці з Чэнстахова з’яўлялася прыкметным сімвалам веры і цікавым помнікам драўлянага дойлідства шатровага стылю на Бераставіччыне.   
  Сярод дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродна захавалася яе апісанне за 1911 год. Капліца належыла адноўленаму Вялікабераставіцкаму рымска – каталіцкаму прыходу ў 1908 годзе. “Часовня на кладбище деревянная, крытая гонтом, восьмиугольная длиною и шириною по 15 аршин . Снаружи имеет вид восточного стиля. Внутри же никакого стиля не предусматривается. Престол – с изображением Распятия и боковой (алтарь) с левой стороны престола с иконою Пресвятой Девы Марии, а также амвон для проповедей, а над входными дверями – хоры с фисгармонией, заменяющей орган…” Сцены капліцы былі ўпрыгожаны абразамі з выявамі Святога Іаана, Маці Бажай Чанстахоўскай і Ружанцавай, Каранаванне Марыі, Хрыстос у труне, Беззаганнае зачацце Панны Марыі і інш. Побач з капліцай узгадваецца драўляная званніца з трыма невялікімі званамі ад 2 да 4 пудоў (не захаваліся).

Першыя фотаздымкі Вялікабераставіцкай капліцы былі зроблены Казімірам Касакоўскім у 1900 г. Капліца ўзвышалася на могільнікавай гары сваімі строгімі прапорцыямі ўсходняга шатра. Аб’ём збудавання быў выкананы ў класічным стыле круглай ратонды, падзеленай на восем граней і завершаны васьмігранным шатровым дахам, накрытым гонтам. Драўляныя сцены былі ўпрыгожаны лучковымі аконнымі рамамі белага колеру.На вяршыне шатра ўзвышаўся жалезны крыж.У сярэдзіне 1960-х гадоў быў зафіксаваны апошні стан могільнікавай капліцы са званніцай, якія знаходзіліся ў добрым выглядзе.
        Пасля закрыцця старога касцёла (у 1947 г.) і новага касцёла (у 1965 г.) у Вялікай Бераставіцы дзейнічала толькі капліца на каталіцкіх могілках. Яе абслугоўвала сям’я Малынічаў: сёстры Яніна і Тэрэза. Пасля смерці апошняй з сясцёр Тэрэзы Малыніч у 1975 годзе нечаканы пажар знішчыў старажытную капліцу на могілках. Яшчэ раней, у 1973 г. супрацоўнікі 26-й экспедыцыі Дзяржаўнага мастацкага музея БССР выявілі у капліцы драўляную статую Святога Яна Божага (ХVІІІ ст.), якая была перанесена са старога касцёла Вялікай Бераставіцы пасля яго закрыцця. Гэта статуя з’яўляецца выдатным помнікам разбярскага мастацтва эпохі барока на Беларусі.

У жніўні 2018 г. настаў час адраджэння бераставіцкай капліцы на каталіцкіх могілках. Фундамент мураванага збудавання невялікіх памераў асвяціў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі ў прысутнасці пробашча Вялікабераставіцкай парафіі айца Вальдэмара Слоты і прыхаджан нашага гарадскога пасёлка. Восенню 2019 г. будаўніцтва было завершана і выканана аздабленне інтэр’ера. Памеры адноўленай капліцы аказаліся настолькі малыя (3х6 м.), што ўвесь яе аб’ём памясціўся бы ў старую васьмігранную капліцу дыяметрам 10 м. Адзінае аздабленне – крыж, які схаваны пад выступам двухсхільнага даху і звісае на ланцугах перад уваходам, прымушае задумацца аб цяжару жыцця.

 Бібліяграфія:

Выпіскі з дакументаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродна (НГАБ у Гродна) выканаў А.Ф.Втарушын у 2023 г.

А.Втарушын. Пераўтварэнне Святога Яна ў Бераставіцы. Гістарычны нарыс. (Да 90-годдзя з часу другога адраджэння касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вялікай Бераставіцы) /Андрэй Втарушын – Вялікая Бераставіца. 2012. С.39

Ксёндз Мечыслаў Малыніч-Маліцкі (1888-1969). З серыі “Уратаваць ад забыцця” /Пад рэд. айца Вальдэмара Слоты, пробашча Вялікабераставіцкай парафіі – Вялікая Бераставіца. 2023. С.24

Kossakowski S.K. Wspomnienia z przeszlosci spisane dla dzieci i wnukow.      Wyjatki wybral K.Gorski – Buenos Airos – Paryz. 1974

Maroszek Jozef. Z historii miast i wiosek: Rakow, Rudawa, Iwieniec.- Magazyn Polski. 1.1992. S.37-38



Страниц (31)1234567891011 Вперёд