Маёнтак у Старым Дворцы

У XVI —XVIII ст. маёнтак Стары Дворац уваходзіў у склад Ваўкавыскага павета Навагрудскага ваяводства. 
Як сведчыць польскі гісторык Р.Афтаназы, у XVI ст. ён належаў епіскапу луцкаму Паўлу Гальшанскаму, пазней ім валодаў нехта Рымбовіч ці Рамбовіч, дваранін каралеўскага двара. Яго нашчадкі прадалі маёнтак Ардахоўскім. У канцы XVII ст. Стары Дворац быў уласнасцю Сапегаў, а ў 1712 г. гаспадаром маёнтка стаў канюшы ВКЛ Данііл Выкоўскі. У 2-й палавіне XVIII ст. тут ужо былі ўладанні Юзафа Аляксандра Ябланоўскага (1711 — 1777), ваяводы навагрудскага, а потым яго жонкі Францішкі з дому Варанецкіх. Ад яе нашчадкаў у 1810 г. сядзібу купіў вядомы ў той час багацей Тадэвуш Бутаўт-Анджайковіч, яго нашчадкі валодалі маёнткам аж да верасня 1939 г. У пачатку XX ст. уладальнікам Старога Дворца і фальварка Уладысін быў Леан Анджайковіч (памёр у 1924 г.). Не маючы сваіх дзяцей, ён завяшчаў гэтыя ўладанні пляменніцы Ядвізе Мацкевіч. Яна і была апошняй гаспадыняй сядзібы. Ёсць звесткі, што неўзабаве пасля набыцця сядзібы ў 1810 г. яе новы ўладальнік Тадэвуш Бутаўт-Анджайковіч пабудаваў там вялікі аднапавярховы палац, будаўнічым матэрыялам для якога быў мясцовы лес. Будынак стаяў на схіле, таму фундамент з параднага боку быў значна ніжэйшы, чым з тыльнага. Дом складаўся з трох частак, у архітэктурным плане нагадваў літару П. Да сярэдняй прамавугольнай часткі на яе канцах перпендыкулярна былі прыбудаваны два аднолькавыя бакавыя крылы. Паміж імі па ўсёй цэнтральнай частцы знаходзіўся доўгі ганак з плоскім дахам на 6 калонах. 3 тыльнага боку да будынка прымыкала такой жа даўжыні адкрытая тэраса. Звонку сцены былі не пафарбаваны і не атынкаваны, толькі калоны ганка і налічнікі акон і дзвярэй былі пафарбаваны ў белы колер і пакрыты лакам. Сярэднюю частку будынка пакрываў двухсхільны гонтавы дах, бакавыя часткі — двухсхільны дах з пакатым зрэзам на франтоне. Аб інтэр'еры ў самім палацы захаваліся агульныя звесткі. У яго сярэдняй частцы размяшчаліся жылыя пакоі гаспадароў, зала для прыёмаў. У бакавым крыле былі падсобныя памяшканні: гардэробная, сталовая, кладоўка, пакоі для прыслугі. У другім крыле размяшчаліся пакоі для гасцей. У палацы было многа карцін, хрусталю, фарфору. У час 1-й сусветнай вайны з прыбліжэннем фронту ўсё гэта было вывезена на ўсход і бясследна прапала. Гэтаму паспрыяла і грамадзянская вайна. Можна меркаваць, што творы мастацтва знаходзяцца ў запасніках расійскіх музеяў і ў прыватных калекцыях. Перад палацам знаходзіўся вялікі авальны газон, абсаджаны дэкаратыўнымі кустамі. Такі ж газон быў і з тыльнага боку, а навокал размяшчаўся вялікі парк з векавымі дрэвамі змешаных парод з цудоўнымі ліпавымі алеямі і вастралістымі высокімі таполямі. Гонарам сядзібы была аранжарэя, што знаходзілася ў парку і ў якой да 1914 г. вырошчвалі экзатычныя расліны. Пасля Вялікай Айчыннай вайны ў палацы некаторы час размяшчаліся дзіцячы дом, школа, кантора мясцовага калгаса.

Бібліяграфія:


1. Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 9. Гродзенская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: У.У. Андрыевіч (дырэктар) [і інш.]; Нацыянальная акадэмія навук Беларусі; Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры; Выдавецтва “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі”. — Мінск: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2015. — 656 с. : іл.
2. Жвалеўскі, Л. Аб маёнтаках і іх уладальніках / Леанід Жвалеўскі // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Бераставіцкага р-на. — Мн.: Белта, 1999. — С. 560—562.
4. https://www.radzima.org/ru/mesto/staryy-dvorec.html