Бераставіцкая кафля XVII – XVIII ст.

 У многіх старажытных гарадах Беларусі была развіта вытворчасць кафлі. Гэта керамічны выраб для абліцоўкі і дэкаратыўнага аздаблення печаў, камінаў, архітэктуры. Кафля вядома на Беларусі з 14 ст. Яна знойдзена ў беларускіх гарадах і мястэчках, дзе былі замкі, палацы, кляштары, сядзібы. У навуковай літаратуры Беларусі апісаны звыш 30 гарадоў, дзе была выяўлена археолагамі кафля і керамічная аздоба камінаў. Кафля атрымала назву па месцы знаходкі. Напрыклад, кафля Лідская, Гродзенская, Полацкая, Мірская, Заслаўская і інш. Да гэтага ліку можна дадаць і Вялікую Бераставіцу.

Цікавая знаходка зроблена гэтым летам падчас будаўніцтва дарогі вакол Бераставіцкага возера. На старажытнай частцы Вялікай Бераставіцы, там, дзе ўзвышаецца стары касцёл кармелітаў і заканчваецца былы гаспадарчы двор Мнішкаў (зараз масласырзавод) быў знойдзены фрагмент кафлі (гл. на фота). На пласціне памерам 10,5 Х 10 см. захаваўся рэльефны малюнак паўкруглай разеткі з 2-я пялёсткамі і стылізаваная расліна – падвоеная лілія ў картушы. Яна нагадвае герб “Газдава”, альбо сімвал улады з пучком маланак “Трызубец”. Мяркуемая аздоба печы Бераставіцкай ратушы, пабудаванай у 1755 – 1760 гг. Будынак ратушы быў разбураны ў гады Вялікай Айчыннай вайны (1941 – 1945). Каменны друз і асколкі збудавання перавезены праз Ратушную плошчу для ўмацавання берагоў з боку старага касцёла.

Кафля з Вялікай Бераставіцы. Адваротны бок кафлі

Адваротны бок фрагмента кафлі мае лепную фармоўку з квадратным вусцем. Гэтая акалічнасць у дадатак з невысокай якасцю рэльефа падказваюць аб мясцовай вытворчасці кафлі. Знойдзены фрагмент Бераставіцкай кафлі паліваны зялёным эмалем. Гэты колер быў распаўсюджаны на тэрыторыі Беларусі ў 17 – пач.18 ст. Рэканструкцыя фрагмента кафлі па вертыкальнай і гарызантальнай восі дае памер пласціны 20 Х 20 см., які адпавядае паліванай кафлі на Беларусі ў 17 – 18 ст. ( Нарыклад, Мінская кафля і Мірская кафля).Рэканструкцыя малюнка кафлі з Вялікай Бераставіцы выканана аўтарам, які карыстаўся дэталямі малюнка толькі са знойдзенай ім кафлі. Бо аналогіі Бераставіцкай кафлі сярод захаваных узораў на Беларусі няма.

Рэканструкцыя малюнка кафлі. Аўтар А.Ф. Втарушін

На Бераставіцкай кафлі адсутнічае рамка. Гэта стылевы прызнак кафлі 17 – пач.18 ст., які называецца “дывановы”. Арнамент яго складаецца з некалькіх частак, аб’яднаных адным малюнкам стылізаванага ўзора. (Напрыклад, Віцебская кафля, Лідская кафля).

Выява геральдычнай ліліі на Бераставіцкай кафлі мае падабенства з гербам “Газдава” роду Пацаў. Адзін з яго прадстаўнікоў звязаны з гісторыяй Вялікай Бераставіцы ХVII ст. Гэта Сафія Пац ( ?- 1665), падканцлерка літоўская, жонка Яна Казіміра Хадкевіча (1616 – 1660), апошняга ўладальніка Вялікай Бераставіцы з роду Хадкевічаў. Сафія Пац была апякункай старога касцёла Звеставання, якому фундавала вялікі звон у 1661 г. У тым жа годзе яна выдала замуж сваю дачку Ганну Хадкевіч за ваяводу валынскага Ежы Яна Мнішка. Магнацкі род Мнішкаў узвысіў Бераставіцу да статуса “Вялікая” праз Магдэбургскі Прывілей 1754 г., аднавіў у мурах касцёл Звеставання Панны Марыі. У часы Мнішкаў дзейнічаў гаспадарчы двор з майстэрнямі па вуліцы Луненскай (зараз вул. Дзяржынскага). Двор знаходзіўся на тым месцы, якое цяпер займае Бераставіцкі масласырзавод. Гэта старажытная частка Вялікай Бераставіцы і месца знаходкі Бераставіцкай кафлі, якая адпавядае часу вытворчасці 17 – 18 ст.    

   Нажаль, на тэрыторыі Вялікай Бераставіцы не вяліся археалагічныя даследванні. Толькі выпадковыя знаходкі жыхароў адкрываюць нам страчаную спадчыну Бераставіччыны. Гэтаму спрыяе Год гістарычнай памяці, прасякнуты словамі нашага гісторыка з Малой Бераставіцы Ігната Анацевіча: “Гісторыя запальвае ў сумленных сэрцах агонь любові да роднага краю”.


Бібліяграфія

Втарушын А. Бераставіцкая кафля 17-18 ст. Бераставіцкая газета №75, 30 верасня 2022. С.12

Втарушын, А. Кафля з Вялікай Бераставіцы / Андрэй Втарушын // Краязнаўчая газета. — 2022. — кастрычнік (№ 38). — С. 3. ББК 90

Трусаў А.А. Кафля /Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі ў 5 тамах.Т.3 К-Н. Мінск. Бел.савецк.энцыкл.імя П.Броўкі.-1986 (На стар.21-22).

Трусаў А.А. Беларускае кафлярства. Мінск. 1993

Трусаў А.А. Кафля. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі.У 6 тамах. Т.4 Кадэты-Ляшчэня /Рэдкал.Г.І.Пашкоў і інш. – Мінск. БелЭН. 1997 – 432 с.

Здановіч Н.І., Трусаў А.А. Беларуская паліваная кераміка ХІ – ХVІІІ ст. Мінск. 1993

Археалогія Беларусі: Энцыклапедыя ў 2 тамах. Т.1 А-К /Рэдкал.: Т.У.Белова і інш./-Мінск. Бел.Энцыкл. імя П.Броўкі. 2009.- 496 с.: іл.

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі ХІІ – ХVІІІ ст./Аўтар і складальнік Н.Ф.Высоцкая.- Мінск. – 1984 – 235 с.: іл.