Работа раённай бібліятэкі па патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення праводзіцца паслядоўна і мэтанакіравана. Важнае значэнне надаецца шырокаму бібліяграфічнаму інфармаванню падлеткаў і моладзі аб гераічных падзеях Вялікай Айчыннай вайны, подзвігу салдат і партызан, мужнасці, праяўленай беларускім народам у гады акупацыі. Сёлета ўвага нададзена 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
У раённай бібліятэцы прайшоў Дзень інфармацыі "Вялікая Перамога!". Бібліятэкары запрасілі падлеткаў на хвіліну беларускага мастацтва “Вялікі подзвіг народа ў творах беларускіх мастакоў”. Тэма вайны займае значнае месца ў творчасці беларускіх мастакоў. Іх творы раскрываюць сутнасць суровых выпрабаванняў, якія выпалі на долю людзей ваеннай пары. Прысутныя пазнаеміліся з творамі мастацтва тых аўтараў, якія самі прайшлі вайну. Гэта ў поўнай меры мае дачыненне да народных мастакоў Беларусі Леаніда Шчамялёва і Віктара Грамыкі. Яны самі спазналі вайну, і ў іх дастаткова жыццёвага досведу, каб раскрыць яе страшэнную сутнасць.
У межах Дня інфармацыі для навучэнцаў ліцэя адбыўся бібліяграфічны агляд літаратуры "Вечная слава Героям!". Сярод экспазіцыйных твораў цікавасць як для маладых людзей, так і для чытачоў больш старэйшага ўзросту ўяўляюць эсэ, нарысы і ўспаміны аб вайне Таццяны Падаляк “Нашчадкі вогненных вёсак”, ілюстраваная храналогія “Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне”, даведнік “Партызанскімі тропамі Беларусі”, кнігі Ганны Грабёнкінай “Жывая боль” з занатаванымі ўспамінамі жанчын і дзяцей Брэсцкага гарнізона, Аляксандра Пыльцына “Старонкі гісторыі 8-га штрафнога батальёна I Беларускага фронта”, Уладзіслава Ганчарова “Аперацыя “Баграціён” і іншыя.