21.10.2020г. Кніжная выстава “Чыстае імя маёй Радзімы – Беларусь!”

Кніжная выстава “Чыстае імя маёй Радзімы –Беларусь!” – такую назву носіць кніжная выстава, якая дзейнічае на абанеменце Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага. Сярод дастаткова багатага фонда краязнаўчай літаратуры бібліятэкары аддзела абслугоўвання і інфармацыі  пастараліся выбраць найбольш значныя, цікавыя і новыя выданні, якія знаёмяць са знакавымі гістарычнымі, сацыяльна-эканамічнымі і культурнымі падзеямі на шляху развіцця і станаўлення нашай краіны як суверэннай дзяржавы.Першы раздзел выставы “Шляхамі роднай Беларусі” прадстаўляе творы па беларускай гісторыі ад старажытных часоў і перыяду Вялікага княства Літоўскага да гадоў фашысцкай акупацыі і сучаснага развіцця дзяржавы.  У другім раздзеле “Людзі зямлі беларускай” змешчаны кнігі аб славутых беларусах. Гэта “Лёсы ў гісторыі” Вітаўта Чаропкі, “Хто мы, адкуль мы…” Алеся Марціновіча, “Ад Мяснікова да Малафеева” Эмануіла Іофе і іншыя. Раздзел “Скарбы нашай прыроды” знаёміць з унікальнымі энцыклапедычнымі выданнямі і фотаальбомамі аб прыродзе роднага краю, беларускімі запаведнікамі.  “Куфар жыцця беларусаў” – назва чацвёртага раздзела выставы, прысвечанага этнаграфічнай спадчыне Беларусі. Прадстаўлены такія творы айчынных этнографаў і этнолагаў, як “Сімволіка беларускай народнай культуры” Янкі Крука, “Этнаграфічная спадчына” і “Злотніцтва Беларусі. ХІІ-ХХ ст.” Віктара  Цітова, “Дойлідства Беларусі”  Аляксандра Лакоткі, “Святы і абрады беларусаў” Васіля Ліцьвінкі, “Сучаснае народнае мастацтва Беларусі” Яўгена Сахуты. На выставе таксама экспануюцца самыя новыя выданні аб сучасным становішчы краіны і яе дасягненнях у розных галінах.