18.10.2022г. Кніжная выстава-партрэт і літаратурны агляд «Следства працягваецца...»

18 кастрычніка ў ДУК «Бераставіцкая раённая бібліятэка» імя О.М.Кавалеўскага прайшла кніжная выстава-партрэт і літаратурны агляд «Следства працягваецца...», прысвечаная 85-годдзю з дня нараджэння палітычнага і грамадскага дзеяча, вядомага пісьменніка-празаіка гістарычнага і дэтэктыўнага жанру, народнага пісьменніка Беларусі (2022) Мікалая Іванавіча Чаргінца. Літаратурнай дзейнасці Мікалая Іванавіча папярэднічала служба ў органах унутраных спраў, дзе ён прайшоў шлях ад лейтэнанта міліцыі да генерал-лейтэнанта ўнутранай службы. 

Гэтая частка жыцця пісьменніка ў наступным адлюстравалася ў яго творах. У 1973 г. выйшла яго першая дакументальная аповесць «Чацвёрты след», галоўны герой якой – інспектар крымінальнага вышуку Вятроў. Услед за ёй выйшлі аповесці «Трывожная служба» (1975), «Следства працягваецца» (1977), «Фінал Краба» (1979). Мікалая Чаргінца можна па праве лічыць першым беларускім пісьменнікам, які звярнуўся да жанру «міліцэйскі дэтэктыў». На творчы лёс пісьменніка так сама аказала ўплыў выкананне інтэрнацыянальнага доўгу ў гарачым Афганістане (1984-1987), у следства чаго былі напісаны раманы «Тайна Чорных гор» (1987) і «Сыны» (1989).