16.12.2022г. – Прэм’ера кніжна-ілюстрацыйнай выставы “Зоркі беларускага кіно” да Дня беларускага кіно – 17 снежня.

17 снежня ў Беларусі адзначаецца Дзень беларускага кіно. Кіно адлюстроўвае карціну сённяшняга жыцця і мінулага, фарміруе культуру сучаснасці. У гэтай сферы працуюць творчыя людзі. Ствараючы кінафільмы, яны выконваюць высокую місію па падтрымцы сапраўдных маральных каштоўнасцей. У Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М.Кавалеўскага напярэдадні Дня беларускага кіно адбылася прэм’ера кніжна-ілюстрацыйнай выставы “Зоркі беларускага кіно”. Увазе наведвальнікаў бібліятэкі прапануюцца разнастайныя выданні па гісторыі беларускага кінамастацтва. У кнізе “Магія белага экрана” Уладзіміра Арлова можна знайсці цікавыя матэрыялы аб падзеях у жыцці вядомых дзеячаў беларускага і расійскага мастацтва (мастакоў, пісьменнікаў, артыстаў, кінематаграфістаў), з якімі сустракаўся аўтар. У выданні “Гісторыя кінамастацтва Беларусі” (у 4-х тамах) узноўлена поўная карціна гісторыі беларускага кінематографа ад нараджэння і станаўлення да сучаснасці, адлюстроўваюцца творчасць вядучых майстроў, творчыя традыцыі і пошукі нацыянальнай кінематаграфіі. Кніга “Экран и культурное наследие Беларуси“ – гэта даследаванне адлюстравання культурнай спадчыны Беларусі ў экранным мастацтве. Важную ілюстраваную частку кнігі складаюць кадры з фільмаў, працоўныя моманты кіназдымак, партрэты дзеячаў беларускай культуры. На выставе таксама змяшчаюцца выданні, прысвечаныя беларускім артыстам тэатра і кіно: Стэфаніі Станюце, Мікалаю Яроменка, Расціславу Янкоўскаму, кінарэжысёру Міхаілу Пташуку і інш. Асобную палічку займае часопіс “На экранах”. Часопіс “На экранах (Беларусі)” быў заснаваны ў жніўні 1957 г., і гэта дае яму права лічыць сябе доўгажыхаром сярод рэспубліканскіх СМІ, ветэранам беларускай прэсы. Часопіс стаяў ля вытокаў стварэння Мінскага МКФ “Лістапад” і з’яўляецца яго летапісцам на працягу ўсіх гадоў існавання найважнейшага фестывалю краіны. Наведвальнікі бібліятэкі маюць магчымасць пазнаёміцца са зместам розных нумароў часопіса.