18.08.2023г. Гадзіна гісторыі “Маленькія салдаты вялікай вайны” з удзелам памочніка пракурора Бераставіцкага раёна В.А.Гарошка

У раённай бібліятэцы імя В.М.Кавалеўскага для наведвальнікаў прышкольнага лагера “Дружба” прайшла гадзіна гісторыі “Маленькія салдаты вялікай вайны”, прысвечаная хлопчыкам і дзяўчынкам, якія змагаліся і паміралі за свабоду і шчасце сваёй Радзімы, свайго народа. Бібліятэкар расказала пра піянераў-герояў Вялікай Айчыннай, якія ў гады вайны сталі побач з бацькамі і старэйшымі братамі ў шэраг байцоў. Адклаўшы недачытаныя кніжкі і школьныя падручнікі, яны ўзялі ў рукі вінтоўкі і гранаты, сталі сынамі палкоў і партызанскімі разведчыкамі, нястомна працавалі ў цэхах заводаў і на калгасных палях. Дзеці часам рабілі тое, што не пад сілу было моцным мужчынам. Яны здзейснілі сапраўдны подзвіг. За асаблівыя заслугі, мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі дзесяткі тысяч дзяцей былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, многім было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Бібліятэкар паказала партрэты юных патрыётаў: Лёні Голікава, Марата Казея, Валі Коціка, Зіны Партновай, Сашы Кавалёва і іншых. Увага ўдзельнікаў была звернута на кніжную выставу “Вайна і дзеці”, дзе прадстаўлены кнігі пра дзяцей – герояў вайны. На прыканцы мерапрыемства выступіла памочнік пракурора Вікторыя Гарошка, якая расказала пра зверствы фашыстаў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны і агучыла факты, атрыманыя ў працэсе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.