21.02.2024 г. Патрыятычная гадзіна "Стаіць на варце Радзімы салдат!”

Ёсць такая прафесія – Радзіму абараняць. 23 лютага ў Беларусі адзначаецца Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. У гэтым паняцці заключаны вялікі сэнс: любіць, пачытаць і годна абараняць нашу Айчыну! Нашы салдаты і афіцэры даказалі, што яны з гонарам могуць насіць званне абаронцаў Айчыны. Напярэдадні гэтага свята, 21 лютага ў раённай бібліятэцы ім. В. М. Кавалеўскага, у рамках Дня інфармацыі “Абаронцам – слава!”, для навучэнцаў 8 "Б" класа Вялікабераставіцкай сярэдняй школы прайшла патрыятычная гадзіна "Стаіць на варце Радзімы салдат!”. Бібліятэкар расказала дзецям пра слаўную гісторыю нараджэння свята, чаму яго адзначаюць менавіта 23 лютага, з якога года свята называецца "Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь" і чаму слова "Айчына" пішацца з вялікай літары. У ходзе гутаркі навучэнцы паспрабавалі знайсці адказы на наступныя пытанні: "Што такое гераізм і мужнасць?", "Каго можна назваць абаронцам Айчыны?", "Што такое абавязак перад Радзімай?". Затым удзельнікі прынялі ўдзел у віктарыне. Дзецям было прапанавана некалькі конкурсаў: "Ваенныя прафесіі", "Конкурс ваенных гісторыкаў" і іншыя. Падчас віктарыны навучэнцы паказалі добрыя веды, праявілі творчыя здольнасці, эрудыцыю, кемлівасць. Да мерапрыемства была аформлена кніжная выстава "Салдатам быць – Радзіме служыць!".