02.03.2024 г. Выстава-персаналія “Загадкавая планета Уладзіміра Мазго”

Раённая бібліятэка імя В.М.Кавалеўскага запрашае наведаць кніжную выставу. 5 сакавіка 2024 года спаўняецца 65 гадоў беларускаму паэту, члену Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміру Мінавічу Мазго. Нарадзіўся творца ў 1959 годзе ў г. п. Зэльва, што на Гродзеншчыне. З 1964 па 1968 гады разам з бацькамі жыў у Сібіры, потым сям’я вярнулася ў Беларусь. Вышэйшую адукацыю атрымаў на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1980–1985). У розныя гады працаваў у рэдакцыях газет і на тэлебачанні, загадчыкам рэдакцыі і выдавецтва «Юнацтва», намеснікам рэдактара часопіса «Вясёлка», намеснікам галоўнага рэдактара часопісаў «Полымя» і «Нёман». У. Мазго – выдатнік друку Беларусі, лаўрэат прэміі імя Васіля Віткі, прэміі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў вобласці літаратуры і мастацтва. У 2008 годзе паэт удастоены прэстыжнай літаратурнай прэміі  «Залаты Купідон» за кнігу «Цуда-Вуда». Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны ў 2014 годзе. Многія вершы паэта сталі песнямі. Да твораў У. Мазго звярталіся такія мэтры песеннага жанру, як Э. Ханок, Л. Захлеўны, В. Іваноў, Э. Зарыцкі, У. Буднік, М. Сацура, Я. Паплаўская і інш.