24.03.2022г. Кніжная выстава і актуальнае паведамленне ”Гучаць званы Хатыні” да Дня памяці ахвяр Хатыні – 22 сакавіка.

22 сакавіка – Дзень памяці трагедыі Хатыні, беларускай вёскі, якую знішчылі гітлераўскія карнікі ў гэты дзень 1943 года. 149 жыхароў гэтай вёскі былі спалены і расстраляны фашыстамі. У 1969 г. на месцы, дзе знаходзілася вёска, быў адкрыты мемарыяльны комплекс. Сімвалам бязмерных выпрабаванняў беларусаў стала Хатынь, якая прадстаўляе 186 беларускіх вёсак, знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны разам з іх жыхарамі. Да гэтай трагічнай памятнай даты ў Бераставіцкай раённай бібліятэцы была арганізавана кніжна-ілюстрацыйная выстава “Гучаць званы Хатыні”. Бібліятэкары правялі для вучняў малодшых і сярэдніх класаў Вялікабераставіцкай СШ актуальнае паведамленне, падчас якога пазнаёмілі школьнікаў з матэрыяламі выставы, а таксама расказалі аб трагічных падзеях 22 сакавіка 1943 года ў беларускай вёсцы Хатынь. Затым праінфармавалі іх аб тым, што 5 студзеня 2022 года ў Беларусі прыняты закон “Аб генацыдзе беларускага народа”, які прадугледжвае юрыдычнае прызнанне генацыду беларускага народа, які здзейснілі фашысцкія захопнікі і іх памагатыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд (да 1951 года). Пад народам Беларусі маюцца на ўвазе ўсе грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларусі ў тыя гады. Таксама ўстанаўліваецца крымінальная адказнасць за публічнае адмаўленне генацыду беларускага народа.