Напярэдадні Дня вызвалення Гродзенскай вобласці і
Бераставіцкага раёна, які адзначаецца 16 лютага, ў Бераставіцкай раённай
бібліятэцы імя В.М.Кавалеўскага прайшла прэзентацыя кніжна-ілюстрацыйнай
выставы “Захаваем памяць на вякі”, на якую запрасілі наведвальнікаў клуба
маладых інвалідаў “Вясёлка дабра” і ўдзельнікаў клуба пажылых людзей “Паклічу
сяброў”. Бібліятэкар прапанавала прысутным здзейсніць віртуальную экскурсію па
помніках землякам, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Амаль у кожнай беларускай
вёсцы ёсць помнік падзеям вайны. Часта іх устанаўлівалі на месцы расстрэлаў, на
месцы спаленых вёсак, на брацкіх магілах. Яны вельмі розныя: ад сучасных
велічных да старэнькіх, якія ўзводзілі самі вяскоўцы. Нярэдка гэтыя манументы
знаходзяцца даволі далёка ад населеных пунктаў, наведваюць іх найбольш пад
святы. А вось у вёсках, уладкаваных аграгарадках, сярэдніх па велічыні,
маленькіх населеных пунктах звычайна ёсць памятныя мясціны, дзе ўвекавечана памяць
землякоў. Бібліятэкары прадставілі ўдзельнікам мерапрыемства фотагалерэю помнікаў
і мемарыялаў, якія ўстаноўлены ў гонар жыхароў Бераставіцкага раёна, загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны. У фармаце дыялогу супрацоўнік бібліятэкі напомніла
прысутным, як, гераічна пераадольваючы моцнае супраціўленне фашыстаў, савецкія
воіны вызвалялі раён.