У раённай
бібліятэцы імя В.М.Кавалеўскага для наведвальнікаў прышкольнага лагера “Дружба”
прайшла гадзіна гісторыі “Маленькія салдаты вялікай вайны”, прысвечаная
хлопчыкам і дзяўчынкам, якія змагаліся і паміралі за свабоду і шчасце сваёй
Радзімы, свайго народа. Бібліятэкар расказала пра піянераў-герояў Вялікай
Айчыннай, якія ў гады вайны сталі побач з бацькамі і старэйшымі братамі ў шэраг
байцоў. Адклаўшы недачытаныя кніжкі і школьныя падручнікі, яны ўзялі ў рукі
вінтоўкі і гранаты, сталі сынамі палкоў і партызанскімі разведчыкамі, нястомна
працавалі ў цэхах заводаў і на калгасных палях. Дзеці часам рабілі тое, што не
пад сілу было моцным мужчынам. Яны здзейснілі сапраўдны подзвіг. За асаблівыя
заслугі, мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі
дзесяткі тысяч дзяцей былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, многім было
прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна. Бібліятэкар паказала
партрэты юных патрыётаў: Лёні Голікава, Марата Казея, Валі Коціка, Зіны
Партновай, Сашы Кавалёва і іншых. Увага ўдзельнікаў была звернута на кніжную
выставу “Вайна і дзеці”, дзе прадстаўлены кнігі пра дзяцей – герояў вайны. На
прыканцы мерапрыемства выступіла памочнік пракурора Вікторыя Гарошка, якая
расказала пра зверствы фашыстаў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны і агучыла
факты, атрыманыя ў працэсе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе
беларускага народа.