Правілы дарожнага руху – законы вуліц і
дарог. Іх абавязаны ведаць і выконваць. Кожнаму з нас даводзіцца пераходзіць
вуліцу ці дарогу, мы
карыстаемся грамадскім транспартам, некаторыя з нас з'яўляюцца кіроўцамі
ровараў –
мы ўсе ўдзельнікі дарожнага руху. Таму кожны павінен ведаць і прытрымлівацца
правілаў дарожнага руху. У форме пазнавальнай
гульні супрацоўнікі раённай бібліятэкі правялі мерапрыемства “Тры вясёлых агеньчыка”. Дзеці праслухалі расповед бібліятэкара
пра дарожныя знакі і правілы дарожнага руху, даведаліся пра тое, чаму правілы
трэба абавязкова ведаць і выконваць, якія бываюць транспартныя сродкі
перамяшчэння. У працэсе мерапрыемства наведвальнікі ўспомнілі аб любімых казачных персанажах
і іх сродках перамяшчэння. Выканалі займальныя заданні на станцыях:
"Святлафорыя", "Аўтаінспекцыя", "Дарожныя знакі",
"Будзь уважлівы" і інш. Пагулялі ў займальную гульню: "Гэта я,
гэта я, гэта ўсё мае сябры!". Дзеці праверылі свае веды і ўважлівасць,
узгадалі, што азначаюць чырвоны, жоўты, зялёны колеры святлафора, пазнаёміліся
з разнавіднасцямі дарожных знакаў і паглядзелі прэзентацыю "Твая бяспека
на дарозе". У завяршэнні мерапрыемства ўдзельнікі зрабілі выснову, што не
варта падвяргаць сваё жыццё небяспецы, трэба быць асцярожным на дарозе і
выконваць правілы дарожнага руху.