06.08.2022г. Конкурс знаўцаў "Літаратурная шкатулка"

 6 жніўня бібліятэкар філіяла "Канюхоўская інтэграваная сельская бібліятэка" запрасіла дзяцей аг.Канюхі на конкурс знаўцаў "Літаратурная шкатулка". Напачатку мерапрыемства дзецям паказалі дзве скрыначкі. У адной з іх ляжалі непатрэбныя паперкі, а ў другой - кнігі. Пасля таго, як хлопчыкі і дзяўчынкі выказалі свае здагадкі, што ж гэта за скрыначкі, бібліятэкар патлумачыла, што калі ў скрынку пакласці смецце, то яна ператвараецца ў смеццевае вядро, але калі ў скрыначку пакласці каштоўнасці, яна ператвараецца ў шкатулку. А літаратурнай скрыначкай становіцца таму, што ў ёй ляжыць вялікі скарб - казкі, у якіх зашыфравана народная мудрасць. На працягу ўсёй сустрэчы дзеці стваралі свае чароўныя каралі, адказваючы на пытанні віктарыны, у якой жамчужынай лічыўся кожны правільны адказ. У канцы конкурсу бібліятэкар абвясціла, што перамаглі ўсе, хоць у кожнага ўдзельніка была розная колькасць жамчужын у каралях, але не важна, у каго колькі. Важна - яны ёсць! І калі вы лічыце, што іх мала, проста чытайце больш кніг, шукайце свае жамчужыны і дапаўняйце імі свае чароўныя каралі!