13.09.2024 г. Дзень адчыненых дзвярэй “Кожнаму чалавеку шлях адкрыты ў бібліятэку”

15 верасня, пачынаючы з 2001 года, у краіне штогод адзначаецца Дзень бібліятэк. У гэты дзень звяртаецца асаблівая ўвага на ролю і значэнне бібліятэк у жыцці грамадства, у духоўным узбагачэнні і асветы нацыі.

Напярэдадні свята ў Бераставіцкай раённай бібліятэцы імя В.М.Кавалеўскага прайшоў Дзень адчыненых дзвярэй. У гэты дзень бібліятэка расчыніла свае дзверы для ўсіх ахвочых. Госці бібліятэкі на працягу дня змаглі азнаёміцца з асаблівасцямі прафесіі бібліятэкара, даведаліся, па якім прынцыпе расстаўлены кнігі ў бібліятэцы, для чаго патрэбны каталогі і як з іх дапамогай знайсці кнігу. Карыстальнікі здзейснілі захапляльнае падарожжа ў свет кніг, пазнаёміліся з навінкамі фонду бібліятэкі, з кніжнай выставай “Ёсць храм у кніг – бібліятэка”. Для дзяцей прайшоў дублёр-шоу “Бібліятэкар на гадзіну”. Хлопчыкі і дзяўчынкі змаглі паспрабаваць сябе ў ролі бібліятэкара. Яны з задавальненнем размаўлялі з чытачамі, рэкамендавалі свае любімыя кнігі і дапамагалі ў выбары кніг. У іх функцыю уваходзіла: выдача і прыём літаратуры ад чытачоў, расстаноўка фонду, дапамога чытачам у падборы літаратуры. Дзеці прымералі на сабе прафесію бібліятэкара, даведаліся пра ўсе таямніцы і сакрэты, падзяліліся сваімі ўражаннямі. Усе ўдзельнікі дублёр-шоу прыйшлі да аднаго меркавання – праца бібліятэкара складаная, але цікавая.

Для работнікаў раённай бібліятэкі і сельскіх філіялаў супрацоўнікі аддзела абслугоўвання і інфармацыі правялі тэматычны вечар “Работаем, чтоб сказку сделать былью”.

На працягу дня чытачы бібліятэкі актыўна прынялі ўдзел у квілт-акцыі “Павіншуй бібліятэку са святам”. Усе жадаючыя змаглі пакінуць свае шчырыя віншаванні на адрас бібліятэкі і яе супрацоўнікаў на маляўніча аформленым стэндзе. Дзякуем усім чытачам за добрыя словы і пажаданні!